СТЭРЭАФОТАГРАММЕТРЫ́ЧНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

оптыка-механічныя, электронныя прылады і комплексы (з камп’ютэрамі) для вымярэнняў памераў, формы і каардынат аб’ектаў мясцовасці па стэрэапары фотаздымкаў, таксама для стварэння тапаграфічных карт і планаў. Падзяляюцца на універсальныя (выконваецца ўвесь комплекс тэхнал. працэсаў) і прылады дыферэнцыраванага метаду, да якіх адносяцца: стэрэакампаратары (вызначэнне элементаў арыентавання), стэрэометры (рысоўка рэльефу), фотатрансфарматары (стварэнне плана). На лічбавых фотаграмметрычных комплексах праводзіцца аналітычная апрацоўка аэра- і касм. здымкаў, складаюцца лічбавыя тапаграфічныя і кадастравыя планы, ортафатакарты і ортафатапланы.

Ф.​Е.​Шалькевіч.

т. 15, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)